
З 3 лістапада Нацбанк Беларусі выпусціў у абарачэнне дзве серыi памятных манет, прысвечаных культурнай спадчыне нашай краіны: на адных размешчаны калядныя сцэны з народнага лялечнага тэатра батлейка, а на іншых – храмы, сядзіба і замак.
Памятныя манеты «Беларуская батлейка» маюць прамавугольную форму: сярэбраная наміналам 50 рублёў выпушчана тыражом 599 штук, а медна-нікелевая наміналам 1 рубель – тыражом 1,7 тыс. штук.
На аверсе манет размешчана выява двух'яруснай батлейкі са сцэнай са спектакля «Цар Ірад», злева і справа ад яе – ангелы з музычнымi інструментамi.
На рэверсе – фрагмент верхняга яруса батлейкі з біблейскім сюжэтам, дзе ў цэнтры кампазіцыі размешчана стылізаваная калядная зорка са ўстаўкай з сінтэтычнага крышталя, а злева і справа ад батлейкі стаяць мудрацы, якія прыносяць дары немаўляці Iiсусу.
У яшчэ адной серыі «Архітэктурная спадчына Беларусі» адразу шэсць манет наміналам 2 рублі, на кожнай з якіх размешчана выява аб'екта з дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў: Троіцкі касцёл у вёсцы Чарнаўчыцы, Сядзіба Козелаў-Паклеўскіх у аграгарадку Красны Бераг (Сядзіба Чырвоны Бераг), Лідскі замак, Успенскі касцёл у Мсціславе, Свята-Успенская царква ў аграгарадку Сар'я і Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі.
Кожная з прадстаўленых манет выпушчана тыражом 25 тыс. і выраблена са сталі, пакрытай меддзю і латунню (кольца) і меддзю і нікелем (сярэдзіна).
Манеты абедзвюх серый адчаканены на РДП «Казахстанскі манетны двор Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан» i з'яўляюцца законным плацежным сродкам на тэрыторыi Беларусi.