
А вы ведалi, што каву па рэцэпце Міцкевіча і сёння робяць у Наваградку? І наогул гісторыя Беларусі куды больш цікавая, чым проста ў школьным падручнiку.
Ганна Дзягель – гісторык, даследчыца гісторыі Старажытнага Усходу, біблеіст, кандыдат гістарычных навук, аўтарка падкасту «Так склалася гістарычна» @tak.skl.histarychna. У сваiм падкасце Ганна расказвае пра цiкавыя падзеi з нашай гiсторыi, аб якiх не расказваюць у школе i ўніверсiтэце. Вось 5 незвычайных фактаў з гісторыі Беларусі, якiмi даследчыца падзялілася з Myfin.by. Мы у сваю чаргу паглядзелі на гэтыя факты з пункту гледжання фінансаў.

1. Віцебск – сталіца беларускага яхтынгу
Першы яхт-клуб Беларусі быў створаны ў Віцебску ў 1895 годе. Мэта была вызначана наступная:
«дать своим членам возможность упражняться в плавании на всякого рода речных судах, гребных и парусных, на реке Западная Двина».
Яхт-клуб, акрамя спартыўных, арганізоўваў у сваіх памяшканнях сямейныя, танцавальныя вечары, маскарады і дабрачынныя балі. Мерапрыемствы пачыналіся ў 9-10 вечара і заканчваліся мінімум у 4-5 раніцы. Гэта быў сапраўдны цэнтр начнога жыцця Віцебску мяжы 19-20 стагоддзяў. Ёсць ускосныя сведчанні, што нават першы паказ кіно ў Віцебску праходзіў менавіта ў яхт-клубе. Акрамя таго, на мяжы стагоддзяў існавалі свае яхт-клубы ў Мазыры і Гродна.
- Сучасныя жыхары і госці Віцебска могуць пакатацца па Заходняй Дзвіне на рачным трамвайчыку. Білет на дарослага чалавека – 10 рублёў за 1 гадзіну. Але варта ўлічыць, што сезон пачынаецца ў траўні і працягваецца да сярэдзіны кастрычніка.

2. Якуб Колас – грыбны міністр!
Класік беларускай літаратуры вельмі захапляўся збіраннем грыбоў. Захаваліся нават правілы збору грыбоў ад пісьменніка, якія ён сам жартам называў «Тастамант старога грыбніка». Вось кароткая вытрымка з яго:
«Грыб шуму не любіць, бо ён сам ціха расце. …А ты бяры так: зрэзаў грыбок, абчысць, палажы ў кошык, нож складзі і схавай ў кішэню, а кошык пастаў на зямлю. Захочацца ім (грыбам)зірнуць, што ж робіцца ў тваім кошыку, як жывецца там іхнім сваякам. Павысаджваюць галовы з гліцы, а ты іх паціхеньку і хапай».
Уласна пра сваё захапленне жартам Якуб Колас казаў аднойчы на паседжанні абкама партыі: «…як задумаеце грыбное міністэрства, то зрабіце мяне міністрам».
- Пазбіраць грыбы любы можа бясплатна, адправіўшыся ў лес на машыне ці электрычцы. Праўда, грыбны сезон з прыходам замаразкаў ужо скончыўся.
3. Катоў любілі не толькі ў Старажытным Егіпце

Пра катоў даволі часта згадваецца ў беларускім фальклоры. Нават калыханку для дзетак называлі выразам «спяваць ката». Адносіны да ката былі дваістыя: ён быў і дамашні пястун, і мог кантактаваць з нячыстай сілай. Захавалася легенда, што, калі чалавек памірае, бог важыць яго добрыя і злыя справы. І калі злых спраў больш, то на вагі з добрымі справамі збягаюцца ўсе каты, што чалавек за сваё жыццё прылашчыў, пакарміў. І так чалавек можа выратавацца ад пекла.
- Сучасныя беларусы таксама любяць катоў. Пра гэта можна меркаваць хаця б таму, што шоу-выставы катоў і кацянят рэгулярна праводзяцца ў Мінску і абласных гарадах і збіраюць вялікія аўторыі. У сярэднім дарослы беларус гатовы заплаціць 7 рублёў за дарослы білет і 5 рублёў за дзіцячы, каб убачыць прыгожых катоў і кацянят.
4. У 2023 годзе 340 год са з’яўлення кавы на Беларусі
Кава стала трывалай часткай шляхецкага побыту. Нават была спецыяльная служка, што рабіла каву, – кавярка. Простыя людзі ўслед за шляхтай таксама рабілі і пілі каву, але з жалудоў, цыкорыю і іншых падобных раслін. Самым вядомым каваманам быў Адам Міцкевіч. Вось як ён апісвае піццё кавы ў паэме «Пан Тадэвуш»:
Жанчына ў доме адмысловая бывае,
Кавяркай званая. Яна і здабывае
У горадзе або ў віціннікаў зярняты
І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,
Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,
Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.
Вядома, чым для кавы добрая смятана,
На вёсцы ёсць яна. Кавярка, ўстаўшы рана,
Паставіць чайнікі, ў малочную ступае
І лёгка свежы белы цвет збанкоў згартае
У дробненькі прыгожы посуд філігранны –
Для кожнай філіжанкі свой вяршок смятанны.
Каву па рэцэпце Міцкевіча і сёння робяць у Наваградку.
- Цікава, што сказаў бы Міцкевіч, даведаўшыся, што ў 2023 годзе кавярня ў Брэсце прадае гарачую какаву ў 4-літровым кубку, а кавярня ў Мінску – у 6-літровым кубку за 55 рублёў.

5. Археалагічныя раскопкі пад вадой
Так-так, у Беларусі існуюць археолагі, што праводзяць даследванні з аквалангам. Напрыклад, на поўначы Беларусі, на Крывіцкім тарфяніку, ужо шмат год праводзяцца даследванні мезалітычных стаянак чалавека. Некаторыя стаянкі зараз знаходзяцца пад вадой. Але даследваць іх вельмі важна, бо ў такіх умовах, без доступу кіслароду, захоўваюцца арганічныя артэфакты: вырабы з костак жывелаў, расліны ў гаршчочках і нават рыбалоўная сетка. Гэта вялікая рэдкасць і ўдача для археолага.
- Таксама хочаце стаць дайверам-археолагам? Хобі гэта не таннае. Навучанне давядзецца пачаць з апускання пад ваду з аквалангам у басейне. У сталіцы пробны ўрок з інструктарам абыдзецца мінімум 60 рублёў за 1 гадзіну.