
Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было заснавана ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года з мэтай павышэння дасведчанасці аб моўнай і культурнай разнастайнасці і прасоўвання шматмоўя.
Ідэя святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ўзнікла па ініцыятыве Бангладэш, бо там 21 лютага 1952 года – у перыяд, калі гэтая дзяржава ўваходзіла ў склад Пакістана – у найбуйнейшым горадзе краіны Дака адбыліся шматтысячныя акцыі, удзельнікі якіх выступалі за надзяленне бенгальскай мовы афіцыйным статусам.
Кожны год ЮНЕСКА выбірае тэму для Міжнароднага дня роднай мовы і спансіруе адпаведныя мерапрыемствы ў сваёй штаб-кватэры ў Парыжы. У 2024 годзе яна гучыць як «Шматмоўная адукацыя – аснова навучання і перадачы ведаў паміж пакаленнямі».
Паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва нашай краіны, праведзенага ў 2019 годзе, 61,2% удзельнікаў (амаль 5,1 млн чалавек) назвалі ў якасці роднай мовы беларускую. У той жа час, згодна перапісу, дома на беларускай мове размаўляе каля 2,5 млн рэспандэнтаў.
Сёлета да Міжнароднага дня роднай мовы ў нашай краіне прымеркавалі шэраг розных адукацыйна-забаўляльных мерапрыемстваў, у ліку якіх лекцыі, семінары, круглыя сталы, прэзентацыі, майстар-класы, інтэрактыўныя заняткі, сустрэчы, прысвечаныя праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.
Ужо не першы год у Беларусі 21 лютага адбудзецца рэспубліканская дыктоўка, якую ў фармаце анлайн-трансляцыі арганізуе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.